РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.

Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.

А.​У.​Аляхновіч.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)